Як уяўляла Еўропа беларусаў перад абвешчаннем БНР

Як уяўляла Еўропа беларусаў перад абвешчаннем БНР

Што ведалі пра Беларусь у 1910 –1920 гадах тагачасныя еўрапейскія валадары думак? З якіх крыніцаў яны чэрпалі звесткі, на падставе чаго ў еўрапейскіх сталіцах потым прымаліся нейкія захады ў дачыненні да нашага краю? Для публікацыі газэта «Новы Час» выкарыстоўвала архіўнае даследаванне гісторыка Ігара Лялькова «Матэрыялы па гісторыі Беларусі ў асабістым фондзе Альбэра Тама ў Нацыянальным архіве Францыі».

Выклад зместу артыкула ў ранішнім выпуску нямецкай газеты «La Gazette du Rhin et de Westfalie» ад 12.03.1918:

«Найлепшым выхадам было б стварэнне Вялікага Герцагства Варшаўскага пад нямецкім сюзерэнітэтам, без надання, аднак, палякам права турбаваць палітычнае жыццё Германіі праз дасыланне сваіх дэпутатаў у Рэйхстаг. Мы не ведаем, ці рэальнае такое рашэнне пры сучасным стане рэчаў. Ва ўсялякім выпадку, палякі мусяць забяспечыць нам неабходную стратэгічную бяспеку. Германія патрабуе для сябе кавалак Заходняй Польшчы, адрэзаны так, каб мяжа (Польшчы) праходзіла па лініі Нараў-Вісла-Варта; Дамброўскі вугальны басейн будзе, такім чынам, належаць Германіі. [...]

У якасці кампенсацыі можна было б аддаць Польшчы Беластоцкі раён, які належыць Літве, аднак яго насельніцтва не польскае і не літоўскае, але беларускае».

Выняткі з артыкула Ганса Форста «Лёс Балтыйскіх краёў» у вячэрнім выпуску нямецкай газеты «Berliner Tageblatt» ад 29.06.1918:

«Цяжка ўявіць сабе незалежную Літву або Беларусь, бо наўрад ці там існуе інтэлектуальная эліта, якая стала б апірышчам гэтай незалежнасці. Што датычыцца Латвіі і Эстоніі, то там, наадварот, існуюць даволі шматлікія адукаваныя колы грамадства, якія могуць забяспечыць менавіта незалежніцкі напрамак развіцця падзей».

Поўны пераклад артыкула «Народы балтыйскіх краёў і Літвы» з англійскага часопіса «The round Table» за сакавік 1918:

«Абшар, які завецца балтыйскімі краямі, складаецца з Эстоніі, Лівоніі і Курляндыі. Ковенская, Віцебская, Віленская, Гродзенская, Мінская і Магілёўская губерні ў агульных рысах адпавядаюць таму, што звалася Літвою паміж 1569 і 1772. Балтыйскія краі – гэта краіна эстаў і латышоў, а гістарычная Літва населеная літоўцамі і беларусамі. Аднак ні краіна эстаў і латышоў, ні этнаграфічная Літва і Беларусь не пазначаны ні на якіх гістарычных ці адміністрацыйных картах.

Іх нацыянальны характар выяўляецца праз мову шматлікіх сялянскіх масаў. Палітычныя межы тут былі вызначаны народамі, падданымі якіх былі гэтыя сялянскія нацыі, палякамі, немцамі, велікарусамі і, у пэўны час, шведамі. Вялікія зямельныя ўладанні і да сёння знаходзяцца ў руках немцаў у балтыйскіх краях і палякаў у гістарычнай Літве. У балтыйскіх краях важную меншасць у гарадах складаюць немцы і габрэі, у гістарычнай Літве з габрэяў складаецца найвялікшая частка гарадскога насельніцтва. У літоўскіх гарадах ёсць значныя польскія кварталы, а таксама існуюць польскія энклавы ў Віленскай і Гродзенскай губерніях. Велікарусы жывуць раскіданымі групамі па ўсіх балтыйскіх краях і ў Літве. [...]

Беларусы засяляюць найбольшую частку Віленскай і Гродзенскай губерняў, а таксама цалкам губерні Мінскую, Віцебскую і Магілёўскую. Іх мова з’яўляецца дыялектам рускай, а самі яны – адгалінаваннем рускай нацыі. Як і літоўцы, беларусы згубілі свае вышэйшыя класы – апошнія растварыліся ў польскай арыстакратыі і дробным шляхецтве і зрабіліся чужымі для ўласнага народа. Два найбольш вядомыя ў свеце палякі, - польскі нацыянальны герой Касцюшка і паэт Міцкевіч, – абодва беларусы з паходжання [...] Калі б пасля падзелу Польшчы і вяртання гэтых тэрыторый Расіі апошняя заснавала там хаця б элементарную сістэму адукацыі, то ніхто сёння не разглядаў бы беларускую гаворку як мову. Бо толькі ў апошнія гады з’явіліся спробы распаўсюджання літаратурнай беларускай мовы. Гэтая мова ідзе ад дыялекта да дыялекта і паступова раствараецца ў велікарускай і маларускай мовах. І сапраўды, проста немагчыма адрозніць бела- ад маларусаў там, дзе яны сыходзяцца ў Гродзенскай губерні, пасярод найвялікшых у Еўропе лясоў і балотаў. Там цэлыя вёскі, цалкам аддзеленыя адна ад адной і размаўляюць на асобных мовах. Аднак які-кольвек знаўца веліка- ці маларускай мовы з лёгкасцю зразумее любы варыянт мовы беларускай.

4/5 беларусаў – праваслаўныя, а 1/5 – жыхары заходніх паветаў Віленскай і Гродзенскай губерняў, з’яўляюцца католікамі. На працягу стагоддзяў палякі вялі паміж іх каталіцкую і уніяцкую прапаганду, каб паспрабаваць адчужыць беларусаў ад велікарусаў і падзяліць гэтыя дзве галіны рускай нацыі. Яшчэ і сёння большасць каталіцкіх святароў у Беларусі – гэта палякі, якія спраўляюць службы на польскай мове, зусім незразумелая для сялян. Верагодна, што менавіта гэты чужы характар царквы аказаў амаль неадчувальны ўплыў хрысціянства на заходніх беларусаў, насельнікаў найбольш дзікіх і найбольш недаступных куткоў Заходняй Расіі, якія па сваіх вераваннях, звычаях і поглядах застаюцца напэўна самым паганскім народам у Еўропе. Ва ўсялякім выпадку, палякі дасягнулі аднаго: беларускія каталікі завуць сваю рэлігію «польскай верай», што нават прыводзіць да вялікіх памылак у час перапісаў. Кінглэйк, які каля 1850 г. падарожнічаў па тэрыторыі сучаснага Балгарскага каралеўства, у апісанні свайго падарожжа зусім не згадвае пра балгараў, а гаворыць спрэс пра «грэкаў». Аднак смешна было б сцвярджаць, што балгарскі селянін калі-небудзь лічыў сябе элінам; гэтым «грэкам» ён усяго толькі хацеў пазначыць сваё веравызнанне. Так і беларускі селянін, нават калі ён называе сябе «палякам», проста хоча сказаць, што з’яўляецца катоаліком, а зусім не тое, што ён адной нацыянальнасці са сваім польскім гаспадаром.

Эстонцы і латышы, літоўцы і беларусы амаль усе з’яўляюцца сялянамі, і зямля - гэта стрыжань іх жыцця і іх думак. Захаваць зямельны надзел, якім яны валодаюць, і павялічыць яго – вось жаданне, што наймацней укаранілася ў іх сэрцы. Дарэчы, іх нацыянальныя інтарэсы адпавядаюць гэтай агульнасялянскай празе зямлі, бо ўсе вялікія маёнткі ў гэтых краінах знаходзяцца ў руках замежнікаў, немцаў або палякаў. [...]

Варожасць літоўскіх і беларускіх сялянаў да сваіх польскіх гаспадароў не менш моцная, чым тая, што існуе ў балтыйскіх краях. І да сёння гэты фактар вызначае палітычнае жыццё ва ўсёй гістарычнай Літве. [...]

Магутны аграрны рух, выкліканы рускай рэвалюцыяй, які ахапіў сёння ўсю Усходнюю Еўропу, дапаўняецца ў Літве супрацьстаяннем паміж польскімі буйнымі землеўладальнікамі ды літоўскімі і беларускімі сялянамі. Польскі нацыянальны інтарэс у Літве ў асноўным, а дзе-нідзе і цалкам, мае сваім апірышчам буйныя маёнткі і ўплыў, які яны аказваюць на краіну. Самі палякі часта вымяраюць свой «Status possidenti» ў Літве ў мільёнах акраў, якімі валодае тут іх шляхта. Кожны маёнтак – гэта большы ці меншы польскі цэнтр, куды служачыя і пакаёўцы набіраюцца з палякаў. Такім чынам, адзіная рэч, якую польскія нацыяналісты ніколі не змогуць дапусціць у Літве, гэта ўсеагульная рэформа, а менавіта яна з’яўляецца першым пунктам у нацыянальнай праграме літоўцаў і беларусаў. Польскае ўладаранне ці то ў Літве, ці то ў Беларусі цалкам можна акрэсліць як уладаранне ўласнікаў зямлі, і гэта менавіта тая ўлада, якую земляробчае насельніцтва не прыме ніколі.

Наступнае здарэнне добра характарызуе пазіцыю беларусаў у адносінах да палякаў. У красавіку 1917 г. Беларускі сялянскі кангрэс у Мінску выказаўся супраць аўтаноміі Беларусі і за яе непасрэдную прыналежнасць да Расіі. «Настрой, што панаваў на кангрэсе, удзельнікамі якога былі выключна беларускія сяляне, – піша адзін польскі часопіс, – адлюстраваўся ў тым, што аднаму з аратараў было не дазволена прамаўляць па-беларуску, а прыхільнікі аўтаноміі перапыняліся крыкамі «Мы не жадаем аўтаноміі, аўтаномія навязаная «панамі» (польскімі землеўладальнікамі), каб трымаць нас пад сваёй уладай і не даць нам зямлі і т.д.». Ненатуральная нянавісць беларускіх сялян да ідэі беларускай аўтаноміі нараджаецца з агіды, якую яны адчуваюць ад польскай палітыкі буйных землеўладальнікаў, і са страху перад магчымасцю пераняцця ўлады ў аўтаномнай Беларусі польскімі рэакцыйнымі элементамі.

У апошнія месяцы землі Літвы, што засталіся ў расійскім тыле, сталіся арэнай жорсткай сялянскай рэвалюцыі, а шмат якія маёнткі былі разрабаваны і спалены. Сяляне бяруць рэванш за стагоддзі нявольніцтва і прыгнёту. А на Захад ад лініі фронту, пад нямецкай акупацыяй, літоўскія і беларускія сяляне скрыгочуць зубамі ад думкі, што яны не могуць вырашыць аграрную праблему па прычыне прысутнасці нямецкіх войскаў. Польская прэса не хавае, што калі гэты край пакінуць войскі, то адразу ж выбухне сялянская рэвалюцыя. Паўстанец-селянін, які прагне зямлі, з’яўляецца сёння адзінай моцнай антынямецкай сілай у балтыйскіх краях і ў гістарычнай Літве і, такім чынам, магутным саюзнікам для кожнага, хто змагаецца супраць Германіі».

Друкаванае выданне «L’Ukraine: Edition non-periodique, publiee par W.Stepankowski», № 9, выдадзенае ў Лазане 25.05.1916. Зварот да Прэзідэнта ЗША ад імя «Лігі іншародцаў Расіі», у якую ўваходзілі прадстаўнікі фінаў, «балтаў», літоўцаў, беларусаў, палякаў, габрэяў, украінцаў, «мусульманаў Расіі», грузінаў:

«Мы ведаем Вас, спадар Прэзідэнт, як найпалымянейшага абаронцу чалавечнасці і справядлівасці, таму звяртаемся да вас і ў вашай асобе да ўсіх заступнікаў чалавечнасці, каб давесці аб тым, як нашыя браты па роду і па веры пакутуюць па віне Расіі.

Праз ваша пасрэдніцтва, спадар Прэзідэнт, мы таксама звяртаемся да нацый, якія сёння з’яўляюцца саюзнікамі Расіі, з надзеяй, што іх любоў да свабоды і справядлівасці дазволіць ім зразумець глыбіню нашых няшчасцяў. [...]

Мы, літоўцы, калісьці незалежны і магутны народ, пад рускім уладараннем былі прыніжаныя да стану нявольнікаў. Насуперак урачыстым абяцанням, мы ўбачылі наш «Літоўскі Статут» адменным, нашу рэлігію, спадчыну продкаў, праследаванай, нашы храмы згвалтаванымі, адабранымі ад каталіцтва і аддадзенымі ў праваслаўе, царкоўную маёмасць канфіскаванай. Прагрэс і ўвогуле любыя спробы інтэлектуальнага развіцця былі затрыманы шляхам забароны на выданне прэсы, абвешчанай Мураўёвым, каб нанесці смяротны ўдар па нашай мове: валоданне кніжкай малітваў па-літоўску каралася вязніцай або высылкай у Сібір. Вялікая частка нашай краіны была ператворана ў царскія маёнткі: руская каланізацыя мусіла пазбавіць літоўцаў зямлі. Сёння рускія арміі, якія адступаюць, нішчаць багацце краіны, палююць на жыхароў і пустошаць такі калісьці квітнеючы край.

Мы, беларусы, у той момант, калі мы трапілі пад рускае панаванне, былі народам, што меў уласную мову, сваю літаратуру, сваю нацыянальную царкву і свае законы. На працягу ста дваццаці гадоў нашай падпарадкаванасці Расія сістэматычна прыгнятала нас з мэтай дасягнуць нашай поўнай дэнацыяналізацыі. Нацыянальная царква была забаронена, а дзяржаўная рэлігія навязана сілай. Мы больш не маем права ні маліцца, ні вучыцца па-беларуску. Калі рускія войскі пакінулі Заходнюю Расію, яны гвалтам забралі з сабой сотні тысяч беларусаў, разбурылі вёскі і мястэчкі, знішчылі ўраджай і ператварылі краіну ў пустэчу. [...]

У той час, калі нашы браты аддаюць Расіі свае жыцці на палях бітваў, рускі ўрад аддае нашы радзімы ў поўную ўладу сваім разбэшчаным адміністратарам, якім нішто не перашкаджае ў іх знішчальнай працы.

Мы не скардзімся на спусташэнні, якія з’яўляюцца непазбежнымі наступствамі вайны, не пратэстуем супраць рэквізіцый, неабходных для ўтрымання арміі, ані супраць знішчэння ці перамяшчэння багаццяў, якія не павінны патрапіць у рукі ворага. Але мы падаем скаргу на бязмэтныя інтэнсіўныя спусташэнні, якія часта ажыццяўляюцца па загаду зверху. Мы пратэстуем супраць гнюсных абвінавачванняў, што высоўваюцца ў дачыненні да лаяльных падданых, супраць іх збірання ў вязніцу, высылак, выгнанняў, голаду, пакутаў і смерці мільёнаў бязвінных старых, жанчын, дзяцей.

Мы ведаем, што мільёны нашых суайчыннікаў сёння знаходзяіцца яшчэ ў руках у рускіх; мы ведаем, што іх голас закрыты... І мы, тыя, што па той бок мяжы, ведаем, як рускі ўрад будзе помсціць нашым безабаронным родным і суайчыннікам, калі не здолее дастаць тых, хто абвяшчае праўду. Мы нічога не можам зрабіць для іх выратавання. Хай сцеражэ іх Госпад!

Але мы таксама ведаем, што ніхто з нашых не дасць веры рускім абяцанкам. Ні мы, ні нашы нашчадкі ніколі не забудзем тых пакутаў і таго лёсу, на які яны нас асудзілі. Расія пакінула на знядбанне і давяла да нявольніцкага стану народы, якія ёй даверыліся. Яна скарыстала нашу слабасць і выкарыстала сваю вайсковую сілу, каб катаваць нас і знішчаць дабрабыт будучых пакаленняў».

Хартыя97

__________________________

Изображение пользователя свяшчэннік Георгій.

Вялікі дзякуй!

Вялікі дзякуй! Вельмі цікава...

Internet Map Rambler's Top100 Rating All.BY Yandex cite